Мала чаго добрага можна сказаць пра 2020-ы год. Для мяне ён асацыюецца з пасадкамі, каранавірусам, беларускімі “выбарамі” і зноў пасадкамі. Але сёння не пра ўсю гэтую чэрнь, а пра вечнае, пра музыку. Музыку, якую я слухаў на працягу апошніх 366 дзён.

Мінулай вясной я ўжо пісаў невялікі пост пра тое, што наслухаў за апошнія 5 гадоў, а зараз вось вырашыў не адкладваць наступныя вынікі да 24-га ці 25-га, а паспрабаваць азірацца назад хоць трошкі часцей, раз на год самае яно. Пачну як і раней з ТОПа найлепшых выканаўцаў на маі думку і слых. На гэты раз для фармавання спісу я ўлічваў не толькі колькасць скроблаў на last.fm (70%), але і карэктуючы параметр пад назвай “уласныя адчуванні” (30%). Вынікі ніжэй.

Ueda Marie

Дзясятка першых:

  1. Ueda Marie
  2. Aimer
  3. Yorushika
  4. LiSA
  5. Leo Ieiri
  6. BewhY
  7. Susumu Hirasawa
  8. Starbenders
  9. Петля Пристрастия
  10. LOONA

Калі ўспомніць папярэдні год, то п’едэстал амаль цалкам новы. На першае месца ўпэўнена ўзышла спявачка, з якой у 2019-м я толькі пазнаёміўся, а потым слухаў і ўзімку, і летам. Так і наслухаў на першы радок ТОПа. Далей спіс таксама акупуюць японскія жанчыны: чароўныя і журботныя песні Aimer гучалі з маіх калонак шмат часу (у асноўным гэта былі лайвы), Yorushika за гады стала жыццёвым спадарожнікам, LiSA адно з маіх любімых адкрыццяў года, а музыка Leo Ieiri – лепшыя лекі для ўзняцця духу.

Другая палова дзясяткі пачынаецца з карэйскага рэпу. Жанр гэты я не люблю як і раней, але альбом The Movie Star запісаў у выключэнні. На сёмым месцы традыцыйна любімы кампазітар Susumu Hirasawa (зноў жа з Японіі), а вось далей новыя адкрыцці 20-га: сучасны глэм ад Starbenders і разумная музыка ад беларускага гурта Петля Пристрастия. Закрываюць спіс карэйскія дзяўчыны з LOONA, якія год таму займалі другі радок.

З выканаўцамі скончылі, а зараз эксперыментальныя навінкі! Гэтым разам, акрамя лепшых выканаўцаў я саставіў яшчэ два спісы: лепшых альбомаў і лепшых песень (па адной на кожнага выканаўцу). Правілы фармавання тыя ж, што і раней.

Дваццаць лепшых альбомаў:

  1. Heartbreaker (Ueda Marie)
  2. Penny Rain (Aimer)
  3. Plagiarism (Yorushika)
  4. 5th Anniversary Best (Leo Ieiri)
  5. The Movie Star (BewhY)
  6. Love Potions (Starbenders)
  7. Sun Dance (Aimer)
  8. Lonely Night Magic Spell (Ueda Marie)
  9. LEO-NiNE (LiSA)
  10. Technique of Relief (Susumu Hirasawa)
  11. Headroom (Men I Trust)
  12. Saved (Now, Now)
  13. Elma (Yorushika)
  14. Гул (Петля Пристрастия)
  15. Imploding The Mirage (The Killers)
  16. [12:00] (LOONA)
  17. [#] (LOONA)
  18. Back Home Again (John Denver)
  19. REBOOT (Wonder Girls)
  20. Count Three and Pray (Berlin)
LiSA
Yves (LOONA)

Першыя пазіцыі без сюрпрызаў: Ueda Marie, Aimer і Yorushika. А вось далей можна заўважыць і некалькі новых цікавых выканаўцаў. Летам я даволі часта слухаў меладычных Men I Trust, Fazerdaze (крыху не дацягнулася до дваццаткі) і Now, Now. А бліжэй да заканчэння году ўспомніў пра Imploding The Mirage (The Killers), які выйшаў яшчэ ў жніўні, але ў той час было не да яго.

Пятнаццаць лепшых песень:

  1. Burglar (Yorushika)
  2. Nemurenu Yoru Ni (Ueda Marie)
  3. Ref:rain (Aimer)
  4. Star (LOONA)
  5. Bokutachi no Mirai (Leo Ieiri)
  6. Down & Out (Starbenders)
  7. Monster (Red Velvet – IRENE & SEULGI)
  8. Damm Gut (BewhY)
  9. Who loves it? (LiSA)
  10. Niwashi King (Susumu Hirasawa)
  11. Caution (The Killers)
  12. Remember (Wonder Girls)
  13. AZ (Now, Now)
  14. Linger On (Roy Kim)
  15. Love Poem (IU)
Men I Trust

Burglar… О гэтая Burglar. Зачапіла мяне адразу, ды так, што слухаў увесь год і нават на рынгтон паставіў. Nemurenu Yoru Ni таксама закруціў да дзірак, а Ref:rain стала абсалютным чэмпіёнам сярод балад. Што да новых назваў і імёнаў. Monster ад юніта Айрын і Сыльгі з Red Velvet лепшая k-pop песня майго года, Linger On тыповая для Роя балада, але з гісторыяй, што паўплывала на колькасць маіх праслухоўванняў. Love Poem IU не лепшая, але таксама вельмі кранальная балада.

Такі вось максімальна японскі выйшаў год, цікава якім апынецца наступны.