Калісьці даўно, яшчэ да стварэння гэтага сайта, на маім старым блогу была асобная рубрыка “Banjo” у якой я пісаў пра цікавых музыкаў. З нараджэннем Сховішча, рубрыка была перанесена структурна, але дагэтуль яна заставалася пустой. Сёння гэта зменіцца, бо ў маёй фанатэцы з’явіўся новы цікавы гурт пра які вельмі хочацца напісаць.

Не ведаю наколькі BAND-MAID знакамітыя ў нашых шыротах, я пра іх даведаўся менш за месяц таму, падчас чарговага вечаровага маніторынгу ютуба на наяўнасць чагосьці цікавага ў рэкамендацыях. Паслухаў адным вухам пару песень, паглядзеў адным вокам пару кліпаў і пайшоў сабе далей. Праз некалькі дзён зноў наткнуўся на іх песні… І так, дзень за днём слухаў усё болей. У выніку здаўся і звярнуўся да дыскаграфіі. Усю пакуль не паслухаў, але плэйліст самых шыкоўных гітоў ужо назбіраў.

BAND-MAID

Дык хто ж такія гэтыя BAND-MAID? Наўрад ці я вас здзіўлю, калі скажу, што BAND-MAID гэта жаночы гурт з Японіі. Так, калі хоць праз радок глянуць мае апошнія пасты, стане відавочна, што хваля японшчыны ўжо шмат месяцаў захліствае мяне, таму без сюрпрызаў. Як я ўжо казаў вышэй, маё знаёмства з творчасцю бэнда адбылося праз іх кліпы. Першая думка, што гэта праект нейкага японскага лэйбла, накшталт азіяцкіх айдалаў з бОльшым акцэнтам на музыку. Да такіх высноў падштурхнулі: па-першае, сцэнічны вобраз, па-другое, відавочнае вылучэнне віжуала, на манер к-поп. Здагадацца хто ў BAND-MAID адказвае за прыгажосць нескладана, ва ўсіх музычных відэа Міку Кобато на экране ледзь не больш за галоўную вакалістку Сайкі, што незвычайна для рок-гуртоў. А калі паглядзець лайв з тура World Domination ці любое інтэрв’ю, то можна ўвогуле разгубіцца, бо Сайкі Ацумі амаль ніколі не размаўляе. Каб усё ж разабрацца, што з гэтым гуртом не так, мне давялося з галавой нырнуць у пошук і, узброіўшыся перакладчыкам (пра рускую Вікі ў той момант я чамусьці не падумаў хд) і кемлівасцю, пачытаць гісторыю BAND-MAID ад самага пачатку і да сёння. Перакажу толькі малую частку.

Гурт быў заснаваны ў такім ужо далёкім 2013-м. Пры чым не якім-небудзь спрытным прадзюсарам, як мне адразу паказалася, а той самай Міку Кобато, якая проста любіла рок-музыку і касцюмы пакаёвак (не пытайцеся, гэта японцы) і вырашыла аб’яднаць адно з другім. Да яе далучылася гітарыстка Канамі, якая прывяла барабаншчыцу Аканэ, а тая ў сваю чаргу забяспечыла гурт басісткай Місай. Апошняй да BAND-MAID далучылася вакалістка Сайкі. Ад моманту заснавання гурт выпусціў 7 альбомаў, калі не памыляюся, і некалькі сінглаў, было знята каля трох дзясяткаў кліпаў. Большасць песень бэнда напісана Міку, некаторыя Сайкі. Гэта дарэчы тлумачыць, чаму Кобато так шмат, проста яна “Туомас”.

Але вернемся да адчуванняў. Менавіта мяне BAND-MAID зачапілі складанымі на мой слых песнямі і моцным голасам Сайкі, а не ўніформай пакаёвак, як вы маглі падумаць. DICE запісалася ў спіс улюбёных кампазіцый пасля першага праслухоўвання, а за ёй і Alone, YOLO, Choose Me, Blooming, Glory, Manners і г.д.

Спытай вы мяне пару тыдняў таму пра любімую песню BAND-MAID, адказам напэўна было б DICE, або Choose Me. Але сёння ўжо немагчыма на гэта пытанне адказаць так проста, бо кожная кампазіцыя з сабранага мной плэйліста чымсьці чапляе. Нейкая музыкай, нейкая асобнымі радкамі і абсалютна ўсе вакалам. Гэта я да таго, што выбраць некалькі песен для запісу ў мяне не атрымалась, таму прапаную ўвесь свой плэйліст.