Раптоўна наткнуўся на новае відэа “Петли Пристрастия” на “Хавай”, пасля якога зайшоў на канал каб глянуць, што ў гурта новага. Аказалася, што з моманту калі я яго апошні раз слухаў, шмат чаго змянілася. Напрыклад, месяц таму выйшаў новы альбомы, першы, на колькі ведаю, на беларускай мове. Зацікавіўшыся, я глянуў яшчэ адно відэа, а затым паслухаў усе песні на Spotify, добра хоць беларускі гурт для нас там даступны (было б смешна, калі б не).

“Суперпазіцыя” гучыць прыемна і атмасферна, сваім настроем чымсьці нагадвае дэпрэсіўны рок 90-х. З самых запамінальных песень магу адзначыць “Катлаван” з крыху панкаўскім прыпевам, а таксама “Штосьці Добрае”. Менавіта апошняя стала прычынай з’яўлення гэтага міні-паста. Пранікальнае гучанне і тэкст аставілі настолькі цяжкі сумны асадак ужо пасля першага праслухоўвання, што мне захацелася неяк захаваць гэта ў сваёй гісторыі.

Спадзяемся, заўтра сонца
Знішчыць цемры чорны дым
Апынемся набясконца
У стагоддзі залатым
Так надзея напаўняе людзей
А потым знікае ў цень

Апошнія радкі песні, што цалкам апісваюць пачуцці, якія ўзнікаюць кожны раз, калі глядзіш у акно, усяго на секунду страчваеш кантроль і даеш волю думкам пра мінулае, у якім надзея напаўняла людзей, і пра будучыню, ахутаную чорным дымам і цемрай.