Ніколі не кажы ніколі. Сапраўды так. Яшчэ пару месяцаў таму, я наўрад ці мог сабе ўявіць, што буду пісаць пост пра анімэ, нават зноў глядзець яго, хіба што асобныя паўнаметражкі, бо маё паўнавартаснае анімэшнае жыццё скончылася недзе ў 2014-м. Ужо не памятаю як і чаму завязаў, але за апошнія 6 гадоў у спісе прагледжанага з’явілася ўсяго некалькі новых тайтлаў, пры тым амаль усе яны былі на слыху нават па-за межамі анімэшнага кола. Тваё імя (Kimi no na wa), напрыклад, або Сказанне пра прынцэсу Кагуя (Kaguyahime no monogatari).
І вось, каранавірусная пандэмія разам з іншай бядой асабістага характару зноў парушылі казалася ўжо ўстойлівы склад жыцця і прымусілі днямі сядзець за зачыненымі дзвярыма хаты. “Нядрэнны момант для таго, каб папоўніць сваю калекцыю адмысловых фільмаў”. – Падумаў я і адправіўся шукаць нешта новае, пажадана японскае, бо апошнім часам менавіта туды пацягнула. А дзе адно японскае, там і іншае. Так, праз тыдзень, некалькі стужак і нарынуўшую настальгію я ад кіно перапоўз да анімэшных паўнаметражак. Яшчэ праз некалькі дзён прыйшлі серыялы пра школьнікаў…
Горад, у якім мяне не існуе / Boku dake ga Inai Machi
Серыял з маленькай прымессю містыкі. Калі паблізу здараецца нешта незвычайнае, галоўнага героя Сатору Фуджынума накрывае пятлёй часу і вяртае ў мінулае, дзе ён стараецца прадухіліць здарэнне. Звычайна такія паўторы займаюць усяго некалькі хвілін, але аднойчы маці Сатору нехта забівае, пасля чаго 29-гадовага хлопца адкідвае адразу на 18 год назад. У час, дзе ён яшчэ толькі вучань пачатковай школы. Але разам з вяртаннем у дзяцінства, Сатору ўспамінае, што тады ж па іх горадзе пракацілася хваля выкраданняў і забойстваў маленькіх дзяцей, сярод якіх была і яго аднакласніца Каё Хінадзукі. Супаставіўшы адно з другім, Сатору вырашае, што мінулае і будучыня цесна звязаныя, а таму, каб прадухіліць смерць маці, трэба спыніць выкрадальніка і выратаваць жыццё Каё.
Большая частка дзеяння адбываецца менавіта ў мінулым, дзе маленькі хлопчык з розумам і памяццю дарослага спрабуе пасябраваць з Хінадзукі і абараніць яе. Мне асабіста падалося, што серыял прасякнуты адзінотай і адчуваннем небяспекі. К Каё пранікаешся, адчуваеш прыхільнасць, разам з Сатору пачынаеш спачуваць ёй і нават крыху хвалявацца і баяцца за тое, ці атрымаецца змяніць прыкрую будучыню, якая чакае яе ў выпадку няўдачы. І гэтыя пачуцці галоўнае, што паўплывала на маё ўспрыманне серыяла, бо задуманая інтрыга з асобай выкрадальніка такая сабе, здагадацца хто гэта не вельмі складана. У тым ліку і з-за гэтага канцоўка крыху расчаравала, але сваю порцыю падмоклых вачэй і ў ёй можна атрымаць, бо застаецца нейкі непрыемны асадак. Дарэчы, праз некалькі дзён ад прагляду, я і мангу пачытаў. Спачатку яна мала чым адрозніваецца ад анімэ, але ёсць пара момантаў звязаных с Каё і Айры (так, вышэй я яе не згадваў), якія дапаўняюць агульную карціну. А вось канцоўка зусім іншая і, як мне падалося, яшчэ больш горшая.
Дражнячы майстар Такагі-сан / Karakai Jouzu no Takagi-san
Цікавы факт: калі адну за адной глядзець сумныя гісторыі, незнарок можна і ў пятлю залезці. Таму, пасля дзесятка сур’ёзных анімэ, я пачаў паглядваць у бок чагосьці больш лайтовага і камедыйнага. Першае на што наткнуўся – двухсезонны серыял пра хлопца Нішыката і сяброўку аднакласніцу Такагі, якая пастаянна дражніць яго. Не скажу, што анімэ вельмі смешнае, хутчэй мілае і няёмкае, чым і падабаецца. Агучка Такагі-сан асобны пункцік, яе каронныя фразачкі і гукі так уядаюцца ў падкорку, што нават праз тыдзень час ад часу ўсплываюць і вызываюць усмешку. Калі б я быў маладзейшы год на 10 і вёў персанальны вайфу-ліст, Такагі-сан трапіла б у яго абавязкова.
Спадарыня Кагуя хоча каб ёй прызналіся / Kaguya-sama wa Kokurasetai: Tensai-tachi no Renai Zunousen
Яшчэ адна зусім новая рамантычная камедыя, 3 сезон якой выходзіць літаральна зараз. Зноў школа і школьнікі. У цэнтры сюжэту найлепшы вучань і галава вучнёўскай рады Міюкі Шыраганэ, побач з ім намесніца рады, выдатная па ўсім напрамкам, высакародная Кагуя Шынамія. Уся школа ў захапленні ад гэтых дваіх, іх лічаць ідэальнай парай. І хаця і Міюкі, і Кагуя, насамрэч закаханыя адзін у аднаго, парай яны не з’яўляюцца. Бо прызнацца першым – значыць праявіць слабіну, страціць твар і прайграць. Так, ад эпізоду да эпізоду, разгортваецца сапраўдная вайна, у якой Міюкі Шыраганэ і Кагуя Шынамія ўсімі шляхамі спрабуюць прымусіць свайго апанента прызнацца ў каханні першым. Дастаткова бадзёрая і смешная на мой густ камедыя, таму я нават апусціўся да таго, што бягучы сезон ангоінгам гляджу.
Урэшце, мая юнацкая рамантычная камедыя была памылкай / Yahari ore no seishun rabukome wa machigatteiru
Доўгаграючае анімэ, першы сезон якога выйшаў яшчэ ў 2013-м годзе, другі ў 2015-м, а трэці, і здаецца апошні, пакуль толькі плануецца на лета 2020-га. Вельмі дзіўны, не заўсёды зразумелы серыял, але мяне чымсьці зачапіў. У завязцы гісторыі цынік Хікігая Хачыман, у якога зусім няма сяброў і знаёмых, а ў класе амаль ніхто нават імя яго не ведае, пад прымусам настаўніка далучаецца да школьнага клуба валанцёраў, у якім акрамя яго толькі адзін удзельнік – прыгожая дзяўчына Юкіно Юкіношыта з вельмі складаным характарам, нічым не лепей за характар Хікігаі. Задача клуба дапамагаць вучням вырашаць іх праблемы, чым Хікігая з Юкіно і займаюцца, вось толькі метады ў іх зусім розныя, што часцяком прыводзіць да ўнутраных канфліктаў.
На першы погляд я зараз апісаў яшчэ адно школьнае анімэ, у якім хлопец і дзяўчына, якія цярпець адзін аднаго не могуць, вымушаныя працаваць разам закахаюцца і сыдуць насустрач заходу Сонца пад надпісам “Happy End”. Мабыць нешта такое яшчэ і здарыцца, як-ніяк трэці сезон наперадзе, цяжка загадваць, але першыя два такога ўражання не пакінулі. Да таго ж, ніякай варожасці або непрыязнасці паміж Хікігая і Юкіно насамрэч ніколі і не было. Хутчэй узаемнае непрыняцце жыццёвых поглядаў або ўвогуле абыякавасць. Вядома, пэўная хімія паміж героямі ўсё ж існуе, але тыповым анімэшным каханнем я бы гэта не назваў, хутчэй сумнай прыхільнасцю сумных людзей. З нецярпеннем чакаю апошні сезон, не спадзеючыся на шчаслівы фінал.
У мяне сяброў няшмат / Boku wa Tomodachi ga Sukunai
Гэты серыял напэўна можна было б аднесці да калекцыі адмысловага, але ён занадта марудны і нудны. Калісьці не так даўно я глядзеў кіно “У мяне сяброў няшмат”, а зараз вось і да анімэ дабраўся. Сказаць, што хоць нешта з гэтага мне спадабалася не магу, але і наадварот таксама. Кіно, як помню, вельмі скамечанае, анімэ серыял у гэтым плане лепшы, але з-за таго, што яго закінулі пасля другога сезона нармальна не завяршыўшы, гісторыя таксама застаецца няскончанай. Да таго ж яе і на два сезона расцягнулі неяк ненатуральна. Большасць персанажаў павярхоўныя і клішаваныя. Некаторыя ўвогуле ўмудраюцца раздражняць з першых серый, а ёсць і тыя, каго незразумела навошта ўвялі (Кэйт Такаяма, напрыклад, або Аоі). Хіба што ўсур’ёз разлічвалі на трэці сезон. Галоўны герой таксама нейкі аморфны і не цікавы. Затое яго сястра сапраўды выйшла пацешнай. Ну і Ёдзору адзначу. Нягледзячы на з’едлівы характар, яна выклікае сімпатыю і суперажыванне. Магчыма, гэта адзіны цікавы персанаж з бэкграўндам, а, магчыма, я проста люблю цундэрэ. У любым выпадку, нават пасля ўсяго вышэй напісанага, мне цікава чым жа ўсё гэта павінна скончыцца, хоць ты насамрэч ідзі мангу чытай.
Гэты дзік не разумее мару дзяўчынкі-зайкі / Seishun Buta Yaro wa Bunny Girl-senpai no Yume wo Minai
Я ўжо амаль скончыў пісаць прасціну, засталося, як звычайна, перагледзець пару разоў ды націснуць на кнопку публікацыі, але, раптоўна, зноў наткнуўся на анімэ, якое захапіла і з’ела пару вечароў. Назва ў яго сапраўды дзіўная і ні пра што сказаць не можа, таму не ведаю стаў бы я ўвогуле нешта такое глядзець, калі б не ўсе гэтыя неверагодныя рэйтынгі, што трапілі ў вочы. Зацікавіўшыся, вырашыў усё ж глянуць з разлікам на што-небудзь лёгкае, можа нават смешнае, з такой та назвай… Мінула два дні, я паглядзеў серыял, а за ім і паўнаметражны працяг. І, замест прыпаднятага настрою, атрымаў чарговую хвалю жадання залезці ў пятлю. Вобразна кажучы. Так, з чаго пачыналі, да таго ж і вярнуліся. Не ведаю, як так атрымліваецца, але што б я сабе для прагляду ні знайшоў, усё заканчваецца проста неверагодным мінорам. Так і тут, разлічваеш глянуць на дзяўчыну-зайку, а насамрэч 7 гадзін бачыш персанажаў з букетам псіхалагічных праблем. Але менавіта такія сюжэты лепш за ўсё пранікаюць у памяць і вымушаюць зноў падумаць пра сваё жыццё і навакольны свет, нават калі табе ўжо даўно не 16 год.