Праз 6 гадоў дарваўся да таго, каб зноў Сціпла пра нешта напісаць. Сёння паглядзеў міні-серыял Adolescence (Пераходны ўзрост) на Netflix і яшчэ падчас прагляду вырашыў, што дзеля такіх рэдкіх алмазаў і трымаю штомесячную падпіску. У серыяле якасна абсалютна ўсё: сюжэт, акцёры, аператарская работа, рэжысура і г.д. Паглядзеў на адным дыханні ад першай да апошняй хвіліны. Зараз хацеў напісаць, якая з чатырох серый падабалася больш за астатнія, але зразумеў, што не магу выбраць. Першая вельмі напружаная, другая – на мой погляд, найбольш рэалістычна перадае атмасферу школы. Цікава, што школа брытанская, але вельмі нагадвае нашы. Трэцяя серыя – самая камерная і псіхалагічна моцная. Чацвёртая – самая чалавечная, яна выклікае найбольш супярэчлівыя пачуцці. Карацей, кожная хвіліна серыяла заслугоўвае ўвагі. Дакладна, не для фонавага прагляду.