Раптам адчуў нейкую патрэбу напісаць у блогу, але не адразу знайшоў, што іменна сюды выплюхнуць. Аднак потым успомніў, як месяц таму набыў нешта, пра што можна паведаміць.

Калі не лічыць дзяцінства, у якім проста не было іншага выбару, я ніколі не меў звычкі набываць фізічныя копіі чаго-небудзь, але з гадамі пакрысе пачаў заглядвацца на “картон”. Так у маёй мега-калекцыі, напрыклад, з’явіўся шыкоўны ілюстраваны гайд па Stardew Valley, але зараз не пра яго. Неяк падумаўшы, я вырашыў, што нядрэнна было б пачаць збіраць музыкальную калекцыю, якую аднойчы можна будзе горда выставіць на паліцу і хваліцца перад усялякім, хто завітае ў госці. Пачатак быў пакладзены ў маі, калі я канчаткова здаўся і зрабіў перадзамову альбома Ів, ненаўмысна, але сімвалічна звязаўшы яе новы старт са сваім.

Дагэтуль мне падавалася, быццам набыць нешта здалёк гемарна, хаця на самой справе аказалася дастаткова пары клікаў. Да і даслалі альбом усяго праз некалькі дзён, пасля яго рэлізу. Таму ўжо праз два тыдні я стаў шчаслівым уладальнікам гэтай прыгажосці.

Так, я сапраўды купіў дзве копіі і што вы мне зробіце? Насамрэч проста было цікава, чым яны адрозніваюцца. Як высветлілася, амаль нічым, акрамя вокладкі, постара і фотакартак. Дарэчы, пра карткі…

Мілата :)

Постары таксама нічога, але, на жаль, памятыя, таму кудысьці ляпіць іх не стаў, няхай пакуль ляжаць у каробцы.

Акрамя ўжо пералічанага, камплект уключае набор стыкераў, прыгожа аформленую копію рукапіснага ліста, латарэйны білет (у маім выпадку, два і абодва нявыйгрышныя)…

…і вельмі якасны глянцавы фотабук на 48 старонак, напоўнены шыкоўнымі здымкамі.

З улікам дастаўцы, увесь гэты цуд абышоўся ў 75 долараў, ці ў 37 за копію, што, на мой погляд, для прадукту даволі высокай якасці няблага.

У цэлым сваёй пакупкай я задаволены і, калі такая магчымасць будзе, абавязкова працягну набываць не толькі альбомы Ів, але і кагосьці іншага, на каго вока ляжа. Першы (ці ўжо другі?) крок зроблены і прама зараз я чакаю “Herzblut” dArtagnan з Аўстрыі. Як знаць, быць можа атрымаўшы, аформлю і яго “распакоўку”.

П.С. Дарэчы, дыск я не слухаў, бо нават дыскавода не маю, але ж разумела, што песні паслухаць можна і ў цыфры, а вось паперу памацаць заўсёды вельмі прыемна.